КАЛАНІЯ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ,
водныя арганізмы, якія пры бясполым (вегетатыўным) размнажэнні застаюцца злучанымі з мацярынскай асобінай і ўтвараюць калоніі з агульным для ўсіх абменам рэчываў. Пашыраны пераважна сярод аднаклетачных водарасцей, некаторых жгуцікавых, радыялярый, губак, кішачнаполасцевых, ніжэйшых хордавых і інш. Большасць К.а. прымацоўваюцца да нерухомага субстрату (напр., гідроідныя і каралавыя паліпы) і маюць развіты шкілет, іншыя (радыялярыі, сіфанафоры, шэраг абалоннікаў) — жывуць у тоўшчы вады, звычайна паўпразрыстыя. шкілет не развіты. Для многіх К.а. характэрны метагенез: каланіяльнае (бясполае) пакаленне чаргуецца з адзіночным пакаленнем, якое размнажаецца палавым шляхам. Лічынкі палавога пакалення напачатку свабодна плаваюць, потым асядаюць на дно і, прымацаваўшыся, утвараюць шляхам пачкавання новую калонію. Лічыцца, што К.а. — пераходная форма ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў у эвалюцыйным развіцці. К.а. наз. іншы раз арганізмы, што вядуць пастаянна або часова згуртаваны спосаб жыцця, напр., шэраг бактэрый, тлей, многія птушкі. Гл. таксама Калоніі.
т. 7, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)